Як я у Галяндыі на правы здаваў. Частка першая

© riderslifestyle.nl

© riderslifestyle.nl

Атрымаць пасьведчаньне кіроўцы мне хацелася даўно, яшчэ зь Беларусі. Але ўсе не ставала то часу, то грашэй. Не скажу, каб правы тады (дый зараз) мне былі моцна патрэбныя, але ад магчымасьці сесьці за стырно і пракаціцца зь ветрыкам па сваіх справах горш бы дакладна не было. Па прыезьдзе ж у Галяндыю я першыя часы быў заняты вучобай па сваей асноўнай спецыяльнасьці ды падпрацоўкамі, таму жаданьне навучыцца кіраваць аўтамабілем давялося адкласьці ў даўгую шуфляду, дзе яно і праляжала блізу трох з паловай год. Вярнуўся я да гэтай думкі мінулай вясной, калі сканчваў магістратуру і праходзіў пераддыпломную практыку ў ТомТоме. Калі стаў разбірацца ў працэдуры падрыхтоўкі, то высьветліў наступнае.

Адмысловай дарожнай паліцыі кшталту нашага ДАІ ў Нідэрляндах няма. Функцыі нагляду за трафікам і разбору дарожных здарэньняў выконваюць звычайныя паліцэйскія. Яны ж могуць і забраць правы па неабходнасьці. За выданьне самога пасьведчаньня адказвае грамадзкая арганізацыя Dienst Wegverkeer ці RDW. Абрэвіятура не супадае з расшыфроўкаю, бо раней гэтая структура называлася Rijksdienst voor het Wegverkeer. Потым назву зьмянілі, а звыклая абрэвіятура засталася. Апроч выдачы правоў і нумарных знакаў, RDW вядзе ўлік транспартных сродкаў і іх уладальнікаў, кантралюе фірмы, якія праводзяць тэхагляд і адказвае за сертыфікацыю аўтамабіляў і запчастак. А праверка ведаў кіроўцы і адпаведна прыняцьцё рашэньня пра выдачу ці нявыдачу дазволу езьдзіць на аўтамабілі — прэрагатыва ўжо іншай установы, якая называецца Centraal Bureau Rijvaardigheidsbewijzen ці CBR.

Будынак CBR у Амстэрдаме © amsterdamheefthet.nl

Будынак CBR у Амстэрдаме © amsterdamheefthet.nl

CBR ладзіць як тэарэтычныя, так і практычныя іспыты для ўсіх катэгорый кіроўцаў. Таксама, яны прымаюць іспыты ў таксістаў і будучых інструктараў аўташкол. У CBR працуе прыблізна 600 экзаменатараў на амаль 17 мільёнаў насельніцтва краіны.

Мігрантам, якія прыязжаюць ў Галяндыю з-за мяжы Еўразьвязу, дазволена езьдзіць па правах, якія выдадзеныя ў іх краіне, цягам паўгоду; пасьля гэтага правы неабходна мяняць на мясцовыя. Для пэўных катэгорый высокакваліфікаваных мігрантаў і іх супругаў гэтую працэдуру можна прайсьці без мясцовага іспыту. Гэтаксама абмяняць правы можна, калі краіна, якая выдала правы, мае адпаведнае пагадненье зь Нідэрляндамі (спойлер: Беларусь такога пагадненьня ня мае). Усе астатнія ўладальнікі замежных правоў мусяць здаваць такія ж іспыты, як і тутэйшае насельніцтва. Калі ж езьдзіць па пратэрмінаваных правах, то можна атрымаць немалы штраф (€90 цягам першага году пасьля пратэрминоўкі і €370 пасьля). Дый машыну наўрад ці арэндуеш ці набудзеш з такімі.

Тэарэтычны іспыт у CBR

Тэарэтычны іспыт у CBR © verkeerspro.nl

Для атрыманьня правоў кіроўцы неабходна здаць тэарэтычны і практычны іспыты. Іспыт па тэорыі прымаецца з 16 год, а практыка — з 17. Але калі здаць іспыт да паўналецьця, прыйдзецца ўсё адно езьдзіць не адному, а з бацькамі ці адмысловым інструктарам. Іспыт па тэорыі здаецца ў групах на галяндзкай ці ангельскай мове, але па жаданьні вучня можна арганізаваць асабісты іспыт з перакладчыкам з любой іншай мовы. Практычны ж іспыт заўсёды персанальны і мусіць праходзіць па-галяндзку, але ўсе экзаменатары на маей памяці легка пераходзілі на ангельскую. Для тых, хто ня ведае гэтых моваў, таксама можна арганізаваць іспыт з перакладчыкам. Хаця, здавалася б, навошта вам машына, калі ў вас няма дарогі калі вы ня можаце паразумецца з іншымі кіроўцамі.

У адрозьненьне ад Беларусі, займацца тэорыяй у аўташколе для здачы на галяндзкія правы неабавязкова. Можна падрыхтавацца самому па кніжках, зарэзерваваць месца на іспыце празь інтэрнэт, у азначаны час прыйсьці ў экзаменацыйны цэнтр і прайсьці тэст. У выпадку станоўчай адзнакі можна пераходзіць да практычных заняткаў. Вынік тэста дзейнічае цягам васемнаццаці месяцаў, за якія неабходна здаць практычны іспыт. Калі ж за гэты час практычны іспыт здадзены ня будзе, тэорыю прыйдзецца здаваць наноў.

Сярод літаратуры, якая рэкамендуецца для падрыхтоўкі да тэарэтычнай часткі іспыту, вы наўрад ці знойдзеце афіцыйны Закон пра дарожны рух ад 1994 года (Wegenverkeerswet 1994). Замест гэтага, студэнты рыхтуюцца па кнігах, дзе ўсе патрэбныя правілы апісваюцца простымі словамі і ілюструюцца нагляднымі фотаздымкамі (я вучыўся па англамоўных кнігах выдавецтваў Verjo і Vekabest) і зборніках экзаменацыйных пытаньняў. Пытаньні гэтыя таксама ў пераважнай большасьці ілюструюцца фотаздымкамі добрай якасьці. Праз тэксты навучальнай літаратуры чырвонай ніткай прахозіць галоўнае правіла дарогі — паводзіць сябе так, каб не ствараць небяспечных сітуацый ды не перашкаджаць іншым удзельнікам дарожнага руху.

Тэарэтычны залік складаецца з дзьвюх частак, якія ацэньваюцца незалежна адна ад другой. Для паспяховай здачы іспыта неабходна набраць дастатковую колькасьць балаў у абедзьвюх частках.

Тыповае пытаньне з першай часткі іспыту © janbraker.com

Першая частка іспыту ўтрымлівае 25 пытаньняў, якія правяраюць уменьне ацэньваць сітуацыю на дарозе. Кожнае пытаньне ілюструецца фотаздымкам з-за стырна кіроўцы, які бачыць пэўную сітуацыю. Студэнту дэманструецца бягучая хуткасьць аўтамабіля і задаецца адное і тое ж пытаньне: ці ехаць далей з той жа хуткасьцю, ці адпусьціць педаль газа, ці тармазіць. На прыняцьце рашэньня даецца восем секундаў. Гэтая частка даволі складаная, бо калі ніколі не сядзеў за стырном, прыняць тое рашэньне, якое ад цябе чакаюць, не заўседы магчыма. Я даволі проста ідэнтыфікаваў большасьць загрозаў, якія дэманстраваліся на фотаздымках, але мне не заўседы было зразумела, як менавіта я мушу на іх рэагаваць. Дадатковую складанасьць выклікала тое, што здымкі статычныя, а пагрозы звычайна разьвіваюцца ў дынаміцы, і ад яе таксама шмат чаго залежыць. Але што добра — для паспяховай здачы гэтай часткі тэста дастаткова было правільна адказаць усяго на трынаццаць пытаньняў.

Другая частка іспыту складаецца з сарака пытаньняў на правілы дарожнага руху. Гэтыя пытаньні досыць разнастайныя і ілюструюцца альбо фотаздымкамі, альбо выявамі пэўных дарожных знакаў. На гэтым этапе дазволеныя пяць памылак. Для адказа на большасьць пытаньняў трэба абраць адзін з трох прапанаваных варыянтаў ці адказаць Так/Не, хаця трапляюцца і адкрытыя пытаньні, на якія адказ трэба ўводзіць лічбамі.

Пытаньне на прыярытэт з другой часткі іспыту © motor-forum.nl

Мне пашанцавала, і тэарэтычны тэст я прайшоў з першага разу, хоць і на тоненькага. Далей паўстала пытаньне выбару аўташколы і здачы практыкі. Але пра гэта я распавяду ў наступных частках артыкула. А вы тым часам не парушайце.

Advertisements

One thought on “Як я у Галяндыі на правы здаваў. Частка першая

  1. Pingback-адсылка: Высновы падвядзем | Źmicier Žaleźničenka

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s