Як я ў Галяндыі на правы здаваў. Частка другая

© zhrijschool.nl

© zhrijschool.nl

У першай частцы артыкула я распавеў пра пэўныя агульныя моманты, зьвязаныя з атрыманьнем пасьведчаньня кіроўцы ў Нідэрляндах і падзяліўся сваім досьведам здачы тэарэтычнага іспыту. У гэтай частцы я распавяду, як я абіраў аўташколу, займаўся кіраваньнем і здаваў практычны іспыт. Паколькі вопыт у мяне багаты, то напісалася па гэтай тэме шмат, і агульную інфармацыю пра практычныя заняткі і іспыт я апішу ў наступнай частцы. А потым будзе яшчэ і бонус-трэк.

Тэарэтычныя кнігі і іспыт абышліся мне прыблізна ў €100, што было цалкам прымальным. На двары быў леташні травень, я нетаропка пісаў дыплём і нікуды асабліва не спяшаўся. Плянаваў, што недзе праз тысячу еўра і месяцы тры заняткаў навучуся вадзіць машыну, атрымаю правы і ўвосень змагу засяродзіцца на дапісваньні і здачы дыплёму. Каб не эканоміў, мо так бы яно і атрымалася.

Але студэнтам я быў няпуганым, і таму вырашаў грошы ашчадзіць. Як? Вядома як, праз групон. Я час ад часу карыстаўся купонамі гэтага сервіса і збольшага быў задаволены. Не шык-мадэрн, але і паслугі недарагія былі. Вырашыў з іх дапамогаю і аўташколу шукаць, бо памятаваў, што там увесь час былі адпаведныя прамоцыі.

© reflector.nl

© reflector.nl

У сярэднім, гадзіна заняткаў з інструктарам каштуе блізу €40-45, іспыт — каля €200-250, у залежнасьці ад сквапнасьці аўташколы. CBR бярэ з гэтых грошай каля €95, астатняе накручвае школа за арэнду аўтамабіля і прысутнасьць інструктара. Шмат якія з аўташколаў прапануюць пакеты з 20-30 заняткаў і іспыта, што выходзіць трохі таньней, чым браць заняткі па адным і асобна замаўляць потым іспыт.

На групоне адная з аўташколаў якраз прапаноўвала пакет з 15 заняткаў і іспыта за 300 еўра. У правілах было напісана, што ў дадатак трэба яшчэ было набыць 10 заняткаў па нармальным кошце ў 400 еўра, што давала агулам 750 еўра за 25 заняткаў і іспыт. У школах бяз зніжак такі пакет пацягнуў бы ці не ўдвая даражэй.

Я радасна сплаціў 300 еўра, атрымаў купон і патэлефанаваў у школу, каб дамовіцца пра расклад заняткаў. Перад гэтым я ўжо звязваўся з імі, каб удакладніць, ці можна будзе займацца па-ангельску. Мне пераканаўча патлумачылі, што аніякіх праблем ня ўзнікне.

Першы занятак мне паставілі аж праз тры тыдні, патлумачыўшы гэта тым, што ў іх зараз шмат вучняў з-за гэтых усіх купонаў. Такога я, натуральна, не чакаў, але што рабіць. Калі надышоў час гэтага занятку, мне патэлефанавалі і сказалі, што інструктар захварэў, і перанеслі занятак яшчэ на два тыдні. Гэты занятак мы правялі. Інструктар быў галяндцам, які распавеў, што ў яго ўвогуле свая школа, а гэтым ён проста дапамагае, бо ў іх аўрал. І ўвогуле, ён хутка зьязжае на вакацыі. Інструктар быў добры, машына была добрая, мне ўсе спадабалася, але, але.

© scholieren.com

© scholieren.com

Наступны занятак мне паставілі яшчэ праз два тыдні. Калі я прыехаў з працы ў азначанае месца, там нікога не было. Мне патэлефанавала інструктарка (ўжо іншая), і на ламанай ангельскай патлумачыла, што чакае мяне ля дома, зусім у іншым раене. Наблытала нешта. Адмянілі. Потым інструктар зноўку балеў. Адзін раз мне сказалі, што вольных англамоўных інструктараў няма. Адзін раз прыехаў нейкі мараканец, мы з ім праехалі недзе з паўгадзіны з адведзеных дзьвюх, ён сказаў, што ангельскую разумее кепска і адвез мяне дадому. За ўсімі гэтымі прыгодамі лета скончылася і стала не да заняткаў. У школу я схадзіў адзін раз недзе ў верасьні, аблаяў іх і забіў. Забіў дарма, бо грошы можна было напэўна вярнуць праз той жа групон, але неяк я разгубіўся і запісаў урэшце патрачаныя трыста еўра сабе ў графу «расходы на агульную нягегласьць». А школа тая потым збанкрутавала, здаецца.

Наступную спробу здаць на правы я прадпрыняў узімку, калі ўжо скончыў магістратуру і ўладкаваўся на працу — якраз былі два вольныя тыдні, пакуль студэнцкая віза мянялася на працоўную. Навучаны папярэднім вопытам, я пайшоў у нятанную аўташколу і набыў там сабе пакет з 33 заняткаў, праверачнага іспыта і іспыта сапраўднага. Сплаціў трохі больш за паўтары тышчы. З улікам выкінутых раней трох соцень гэта ўжо выбівалася з заплянаванага бюджэту, але нічога не папішаш — правы атрымаў нават малодшы брат, якога трэба было тэрмінова даганяць.

Ад’езьдзіў я гэтыя 33 гадзіны агулам нармальна. Інструктар быў увесь час адзін і той жа — сараеўскі басніец Слада, які пераехаў у Галяндыю на пачатку дзевяностых, калі ў Босніі была грамадзянская вайна. Я замовіў сабе хуткі курс, і мы займаліся па два-тры разы на тыдзень па тры гадзіны, што даволі моцна выматвала. Напэўна, трэба было не спяшацца і займацца менш інтэнсіўна, карысьці было б болей.

© rijschool2gether.nl

Не, гэта не Слада © rijschool2gether.nl

Калі мы адкаталі большую частку абавязковай праграмы, то правялі праверачны іспыт. Штука гэта неабавязковая, але школы яе вельмі раюць, і яна была ўключаная ў мой пакет заняткаў. Падразумлялася, што праверачны іспыт дапаможа падрыхтавацца да іспыту сапраўднага. На справе ж ён быў проста паўгадзіннай паездкаю па горадзе з іншым інструктарам, а каштаваў амаль столькі ж, як іспыт у CBR. Калі ад яго і быў плён, то толькі аўташколе.

Якраз перад сапраўдным іспытам Слада укаціў з сяброўкай на бразільскія канікулы, і апошні занятак са мной займаўся іншы інструктар — малады турак Іман. Быў ён нейкі барцуха-кікбаксер, езьдзіў калісьці на спаборніцтвы ў Магадан і задвігаў мне ўвесь час нешта пра шыроты шырокай рускай душы. І парываўся часам калінку ставіць у магнітоле.

© uberhumor.com

© uberhumor.com

Першы іспыт з Іманам выйшаў ня комам нават, а тленам і болем. Летам я мяняў у Беларусі пашпарт і змяніў транскрыпцыю свайго імя. Большасьць галяндзкіх дакументаў я паспеў абнавіць на новы правапіс, але працоўны від на жыхарства мне яшчэ не аддалі і я карыстаўся старым, з імем неадпаведным пашпарту і муніцыпальнай базе звестак. Таму да іспыта мяне проста не дапусцілі. Экзаменатар паглядзеў картку, зверыў напісаньне з тым, якое было ў іх базе і сказаў, што прыняць іспыт ня зможа. Я папрасіў яго скарыстацца для маей ідэнтыфікацыі пашпартам, але ён сказаў, што гэты дакумент для яго не падыходзіць. Чарговыя дзьвесьце еўра выляцелі ў трубу.

Давялося браць яшчэ дзесяць заняткаў і замаўляць новы іспыт. Пераздаць адразу ж пасьля атрыманьня новых дакументаў было немагчыма, бо на іспыты вялікая чарга і запісвалі мяне на іх заўседы недзе за месяц.

Замест Рэно Кліа, на якім езьдзіў Слада, Іман прыязжаў на навейшым і больш стылевым Фіяце Пунта, але прызвычаіцца да яго было няпроста. Да таго ж, трохі выбешвала, што інструктар увесь час спазняўся, як апошні турак. У мяне даўно ўжо пачалася праца, я займаўся па вечарох і быў даволі стомлены. Але неяк адкаталі.

Іспыт быў прызначаны на ранішнюю раніцу, як і папярэдні. Я наўмысна прасіў так абраць час, каб не губляць працоўны дзень. Пакаталіся перад ім гадзінку і паехалі. Мне не пашанцавала, і замест аднаго экзаменатара ў машыну селі двое. Другі чалавек быў правяраючым майго экзаменатара. Здаць у такіх умовах было складана, і я ня справіўся. Хаця вінаваты канешне не экзаменатар экзаменатара, а я сам. Не прапусьціў на адным з невідавочным паваротаў скутэрыста, і экзаменатар націснуў тормаз, што амаль дакладна значыла завал. Ну і так я па дробязі напамыляўся.

© 1.bp.blogspot.com

© 1.bp.blogspot.com

Пасьля гэтага іспыту я вырашыў, што езьдзіць ужо трохі навучыўся, і плаціць аўташколе вялікія грошы сэнсу ня мае. Асабліва з улікам інструктара, які ўвесь час спазьняўся. Вырашыў шукаць што патаньней. У аўташколе параілі звярнуцца да нейкага мараканца, які браў усяго €470 за дзесяць гадзін заняткаў і іспыт. Ну і, думаю, нармальна. Паезжу трохі, набяруся вопыта і здам-такі гэты іспыт.

Мараканец Юсуф езьдзіў на старэнькім Кліа і запомніўся ў тым ліку тым, што ўвесь час на светлафорах ставіў на педаль счапленьня нагу і адпускаў яе толькі на зялены. Было, што я адпускаў педаль трохі раней за яго, і машына не ехала. А калі машына краналася з месца, ён ставіў нагу на тормаз і выціскаў яго пры першай пагрозе. Перастрахоўваўся так, напэўна.

Але больш за ўсе ён запомніўся ня гэтым. Ад пачатку мы дамовіліся на гэты самы пакет з дзесяці заняткаў і іспыта. Грошы я сплаціў, пачалі катацца. Заняткаў праз сем ён мне сказаў, што някепска было б правесьці яшчэ заняткаў дзесяць, каб быць пэўнымі. Я таксама адчуваў, што лішнімі яны ня будуць, і пагадзіўся. Ён мне нават зніжку даў, узяў за іх усяго €240. Правеў яшчэ адзін ці два заняткі і зьнік. Потым патэлефанаваў, сказаў, што зламаў нагу і яшчэ доўга ня зможа са мной займацца. І што грошай няма. Але абавязкова зьявяцца калі-небудзь потым. Так я зь яго гэтыя грошы і выбіваю аж дагэтуль.

Тым часам на двары забуяла фарбамі ўжо другое мае застырновае лета, а вадзіць машыну мне ўсё так жа было нельга. Да зімы трэба было такі атрымаць гэтыя чортавыя правы, каб не згарэлі вынікі тэарэтычнага іспыту і не было адчуваньня, што ўсе страчаныя на практыку грошы былі выкінутыя на вецер. І я прадпрыняў другую спробу пайсьці ў добрую аўташколу. Абраў яе празь інтэрнэт па добрых рэйтынгах, пазваніў і атрымаў нумар сёмага і на шчасьце апошняга ў маёй блогаэпапеі інструктара.

Немаладога ўжо дзядзьку клікалі Бойя, ў яго быў складаны сурынамска-індыйскі бэкграўнд і чорны Гольф, які дакладна бачыў лепшыя часы. Бойя ня браў авансаў, не трымаў ног на педалях дый увогуле, здавалася, амаль не сачыў за дарогаю, бо глядзеў ён у асноўным у смартфон з футбольнымі стаўкамі. Мяне гэта цешыла, бо хацелася трохі большага, чым мне дазваляў мінулы інструктар. За паўтарагадзінны занятак я выкладаў €57, такіх заняткаў было два на тыдзень і цягнуліся яны два месяцы. Дорага канешне, але да прызначанага на сярэдзіну жніўня чарговага іспыта я насамрэч падрыхтаваўся добра. Што, аднак, не зашкодзіла мне заваліць і яго. Я выязжаў з кальцавой у горад і мусіў паварочваць на светлафоры налева з дзьвюхпалоснай на трохпалосную дарогу. Стаяў я ў правай паласе і паварочваць адпаведна мусіў таксама ў самую правую. Але нармальнай разметкі там не было, машына злева ад мяне паехала ў левую паласу і я машынальна давярнуў стырно за ёй. Інструктар дзернуўся да мяне, рэзка выкруціў стырно назад і на гэтым чарговы іспыт можна было лічыць скончаным. Я аддаў Бойе чарговыя €200 еўра за рэзервацыю новага іспыта і, прысаромлены, паехаў на тыдзень у Беларусь.

© webklik.nl

© webklik.nl

Па вяртаньні мы займаліся толькі раз на тыдзень, але гэтага хапіла. Дурных памылак я больш не рабіў і свой чацьверты іспыт па кіраваньні такі здаў. Інструктар буднічна паціснуў мне руку і я, так і не адчуўшы асаблівага задавальненя, паехаў з жонкаю на мора. Іспыт гэтым разам мы паставілі ў сярэдзіне дня, калі на дарогах менш руху, таму на працу я не спяшаўся. І гэта было харашо.

Advertisements

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s