Залатымі літарамі я ўпісаў свае імя ў сусветную гісторыю замежнага кнігавыданьня

Колькі сябе дурака памятаю, заўсёды хацеў далучыцца да выданьня якой-небудзь кнігі. Чытаю я шмат, і ў кожнай прачытанай кнізе зьвяртаю ўвагу на сьпіс асобаў, якія паспрыялі яе зьяўленьню на сьвет, пасьля чаго люта мрою ўбачыць сярод іх сябе (пажадана анічога для гэтага не зрабіўшы). З музычнымі кружэлкамі, дарэчы, ў мяне тое ж самае, але апошнюю кружэлку я трымаў у рукох ці не год сем таму, а на лічбавых пірацкіх копіях разглядваць вокладкі альбомаў асаблівага жаданьня няма, адпаведна і ўзгадваць пра іх ня варта. Дык вось, самому ініцыяваць выданьне чагосьці гэткага мне было лянота, а нейкіх крутых скілоў, каб на адпаведны праект мяне паклікалі іншыя людзі, ў мяне тым больш не было. Як не было асабліва і сяброў, якія б запрасілі што-небудзь падрэдагаваць чыста за кампанію. Таму дзіцячая мара так да апошняга моманту мараю і заставалася.

Але хлопчык вырас, абараніў магістэрскі дыплём (чым таксама вельмі ганарыцца, лузер) і нават паўдзельнічаў трохі ў розных там опэнсорсных праектах на гітхабе. Таму да яго зьвярнуліся аднойчы прадстаўнікі выдавецтва Packt Publishing і прапанавалі паўдзельнічаць у рэдагаваньні кнігі JMeter Cookbook, якую толькі-толькі пачаў пісаць адзін з іх аўтараў. А хлопчык на гэта канешне з радасьцю пагадзіўся. Бо калі кнігу для брытанскага выдавецтва, што аўтсорсіць усю рэдактуру ў Індыю, піша нігерыйскі пісьменьнік, які жыве ў Злучаных Штатах, то далучыць да працэса беларуса з Нідэрландаў у якасьці рэцэнзента выглядае не такой ужо і благой ідэяй.

Падазраю, канешне, што зьвярнуліся яны да мяне не таму, што я вельмі моцна паўплываў на разьвіцьцё свабоднага праграмнага забеспячэньня, а таму, што я набыў некалі пару кніг на іх сайце зь вялікай зніжкай. Ну ды ролі асабліва гэта не мяняе.

Аплаты за труды дамоваю не прадугледжвалася. Паабяцалі толькі даслаць асобнік, як будзе гатовы, і далі абраць яшчэ адну электронную кнігу з каталога. Небагата, але за шанец я ўсё адно ўхапіўся, бо калі яшчэ такі прадставіцца. Ну і выдавецтва за мяне ўхапілася адпаведна, бо дзе яны яшчэ такога дурня знойдуць. Packt, дарэчы, ў нашых праграмісцкіх колах не асабліва каціруецца. Меркаваньне пра іх такое, што яны гоняць вал, не асабліва зьвяртаючы ўвагу на якасьць канчатковай прадукцыі. O’Reilly там, ці Wiley ў гэтым пляне маюць лепшую рэпутацыю. Але з О’Райлі мне пакуль што анічога не прапаноўвалі, таму выбіраць асабліва не даводзілася.

Працэс рэдагаваньня быў просты. Аўтар пісаў новыя главы, мне дасылалі іх на вычытку і давалі на ўсю карэктуру чатыры дні. Прасілі зьвяртаць увагу толькі на дакладнасьць тэхнічных тлумачэньняў, але не на мову. Ну а я стараўся, як мог. Тэксты былі сырыя, спаасылкі бітыя, рэдактары мяняліся разы тры, але пад канец працэс пайшоў больш-менш нармальна. Я, здаецца, сам амаль нічога ў працэсе і не запароў, хіба толькі пару разоў дэдлайны зацягваў на дзень-два.

Першы ліст ад выдавецтва я атрымаў у сярэдзіне траўня, а апошню главу даслаў пасьля вычыткі напрыканцы верасьня. І вось нарэшце 29 кастрычніка кніга з маім імем недзе ўнізе адной з першых старонак пабачыла сьвет. А пра што была гэтая кніга, я распавядаць лепш і ня буду. Па-першае, спойлерыць нехарашо, а па-другое, вам усё роўна будзе нецікава – гэта дапаможнік па вельмі вузканакіраванай тэхнічнай тэме. Але калі вы раптам яе дзе набудзеце, асобнік я вам з радасьцю падпішу.

Advertisements

One thought on “Залатымі літарамі я ўпісаў свае імя ў сусветную гісторыю замежнага кнігавыданьня

  1. Pingback-адсылка: Высновы падвядзем | Źmicier Žaleźničenka

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s