Category Archives: Праца

Залатымі літарамі я ўпісаў свае імя ў сусветную гісторыю замежнага кнігавыданьня

Колькі сябе дурака памятаю, заўсёды хацеў далучыцца да выданьня якой-небудзь кнігі. Чытаю я шмат, і ў кожнай прачытанай кнізе зьвяртаю ўвагу на сьпіс асобаў, якія паспрыялі яе зьяўленьню на сьвет, пасьля чаго люта мрою ўбачыць сярод іх сябе (пажадана анічога для гэтага не зрабіўшы). З музычнымі кружэлкамі, дарэчы, ў мяне тое ж самае, але апошнюю кружэлку я трымаў у рукох ці не год сем таму, а на лічбавых пірацкіх копіях разглядваць вокладкі альбомаў асаблівага жаданьня няма, адпаведна і ўзгадваць пра іх ня варта. Дык вось, самому ініцыяваць выданьне чагосьці гэткага мне было лянота, а нейкіх крутых скілоў, каб на адпаведны праект мяне паклікалі іншыя людзі, ў мяне тым больш не было. Як не было асабліва і сяброў, якія б запрасілі што-небудзь падрэдагаваць чыста за кампанію. Таму дзіцячая мара так да апошняга моманту мараю і заставалася.

Але хлопчык вырас, абараніў магістэрскі дыплём (чым таксама вельмі ганарыцца, лузер) і нават паўдзельнічаў трохі ў розных там опэнсорсных праектах на гітхабе. Таму да яго зьвярнуліся аднойчы прадстаўнікі выдавецтва Packt Publishing і прапанавалі паўдзельнічаць у рэдагаваньні кнігі JMeter Cookbook, якую толькі-толькі пачаў пісаць адзін з іх аўтараў. А хлопчык на гэта канешне з радасьцю пагадзіўся. Бо калі кнігу для брытанскага выдавецтва, што аўтсорсіць усю рэдактуру ў Індыю, піша нігерыйскі пісьменьнік, які жыве ў Злучаных Штатах, то далучыць да працэса беларуса з Нідэрландаў у якасьці рэцэнзента выглядае не такой ужо і благой ідэяй.

Далей

Падзяліўся са сьветам сакрэтнымі ведамі пра elfstats

Падчас стажыроўкі ў ТомТоме напісаў невялікую праграму для маніторынга вэб-сервераў. Паколькі ад моманту яе запуска мінула ўжо некалькі месяцаў, а яна так пакуль і не зламалася, то вырашыў распавесьці пра яе цікаўным, мо хто яшчэ захоча ўжыць. Так нарадзіўся мой першы тэхнічны пост на Хабрахабры. Ну і калі ўжо пайшла такая п’янка, заадное і на рэддыце адзначыўся караценечка.

Думкі наконт гэтага такія. Па-першае, заўважыў, што стаў вельмі кепска пісаць. Доўга і цяжка падбіраю няўдалыя словы, з якіх павольна складаю непрыгожыя сказы. А ўсе ад таго, што даўным-даўно анічога не пісаў на расейскай/беларускай мовах. Гэта мне вельмі не падабаецца, буду выпраўляцца ў тым ліку і праз гэты блог. Як піша Спольскі, writing is a muscle, таму буду гэтыя мускулы зараз нарошчваць (някепска б і звычайныя мускулы нарошчваць, але пакуль што не магу – з качалкай пасварыўся). На ангельскай дарэчы зараз пішу нашмат лепш, чым якіх пару год таму, бо шмат мусіў пісаць ва ўніверы. Ў адным дыплёме толькі 120 старонак.

Па-другое, пераканаўся ў слушнасьці старой показкі:

“Если задать вопрос на американском форуме, вам ответят. Если задать вопрос на израильском форуме, вам зададут встречный вопрос. Если задать вопрос на русском форуме, вам будут долго объяснять, какой вы мудак.”

Перад публікацыяй праграмы я напісаў для яе немала дакументацыі, ўсё натуральна па-ангельску. Таму на рэддыце выклаў толькі адзін кароткі параграф – маўляў, RTFM, там ўсё разжавана. Для хабра адмыслова напісаў вялікі артыкул. Артыкул ня вельмі ўдалы, канешне, але тым ня менш. Але і там і там спрабаваў данесьці адное і тое ж паведамленьне: я зрабіў як мне падаецца добрую працу, якую зараз і аддаю вам бясплатна. Карыстайцеся на здароўе! А вынікі такія: на хабры адразу два мінусы, потым павольна тры плюсы. На рэддыце агулам 23 плюсы, 8 мінусаў. Але на рэддыце тры станоўчыя каментары ў стылі “дзякуй, даўно хацеў нешта такое, абавязкова паспрабую”, на хабры ж нічога. Ня тое, каб вельмі трэба, проста назіраньне.