Category Archives: Рознае

Высновы падвядзем

Год быў так сабе. Было добрае, было сярэднее, дамагчыся трэба было большага. Але аб усім па парадку.

Зьмянілася шмат. Ў снежні 2013 году мы з Дашай пабраліся шлюбам, а ў мінулым годзе нарэшце выправілі ёй галяндзкія дакументы і сталі жыць разам увесь час, а не наездамі адзін да аднога. Адпаведна, летам мы зьнялі ўжо не пакой, а нармальную невялічкую кватэру, і нават прымалі там гасьцёў. А напрыканцы лета ў нас пасялілася Укропка.

Далей

Advertisements

Уводзіны ў мяне

Я Уінстан Вульф. Я вырашаю праблемы.
— Уінстан Вульф пра сябе

У кожнага сучаснага чалавека ёсьць свая старонка на Фэйсбуку, а ў паспяховых людзей ёсьць нават уласныя старонкі ў Вікіпедыі, прычым нярэдка на розных мовах. Паколькі з вікіпедыі мае нататкі нехта ўвесь час выдаляе, а ў фэйсбуку іх празь месяц ужо не знайсьці, я вырашыў завесьці свой асобны блог і пэўны час пісаць сюды. Паглядзім, наколькі мяне хопіць. Пакуль што пажыву на вордпрэсс.орг, а там можа і на паўнавартасны стэндэлон перапаўзу, з плагінамі там, нармальным перакладам інтэрфейсу, вось гэтым усім.

Мяне клічуць Зьміцер Жалезьнічэнка. Я працую праграмістам у кампаніі ТомТом у Амстэрдаме. То бок, пакуль яшчэ не працую, пачну з 1 студзеня. Ня так даўно я скончыў магістратуру Тэхнічнага ўніверсытэта Дэлфта па спецыяльнасьці Computer Science і вельмі ўжо прагну пачаць прымяняць свае веды на працы. А пакуль яна не пачалася, я чытаю кнігі, гляжу фільмы і грызу пазногці.

Раней я пэўны час вёў свой блог ў Жывым журнале, але неяк яго закінуў, перабраўшыся пераважна ў фэйсбук. А зараз зноўку захацелася займець уласную пляцоўку для нефэйсбучнага па зьмесце кантэнта. У фэйсбуку ў мяне не атрымліваецца пісаць нешта больш даўгое за паўтара-два радкі, а калі і атрымліваецца, то хутка ўсё губляецца ў нетрах іх сервераў, і знайсьці нешта бывае даволі складана. На блог-платформе арганізоўваць і потым адшукваць нататкі ня ў прыклад прасьцей.

Думаю, пераважна весьці гэты блог па-беларуску, але час ад часу мо буду пераходзіць на ангельскую, расейскую ці галяндзкую – пад настрой і ў залежнасьці ад тэмы. Пісаць у першы час пляную пра адгледжаныя за апошні час кінастужкі і прачытаныя кнігі, бо заўважыў, што вельмі хутка забываюся на тое, пра што чытаў і што глядзеў. Хачу стварыць такім чынам уласную метабібліятэку, да якой можна было б час ад часу зьвяртацца. За медыйнага крытыка сябе не лічу і пісаць буду пераважна для сябе. Гэтаксама пляную час ад часу размяшчаць тут рэфлексіі на пэўныя падзеі з жыцьця, проста каб яны недзе былі сфармуляваныя ў пісьмовай форме.