Tag Archives: жыцьцё

Высновы падвядзем

Год быў так сабе. Было добрае, было сярэднее, дамагчыся трэба было большага. Але аб усім па парадку.

Зьмянілася шмат. Ў снежні 2013 году мы з Дашай пабраліся шлюбам, а ў мінулым годзе нарэшце выправілі ёй галяндзкія дакументы і сталі жыць разам увесь час, а не наездамі адзін да аднога. Адпаведна, летам мы зьнялі ўжо не пакой, а нармальную невялічкую кватэру, і нават прымалі там гасьцёў. А напрыканцы лета ў нас пасялілася Укропка.

Далей

Advertisements

Як я ў Галяндыі на правы здаваў. Частка другая

© zhrijschool.nl

© zhrijschool.nl

У першай частцы артыкула я распавеў пра пэўныя агульныя моманты, зьвязаныя з атрыманьнем пасьведчаньня кіроўцы ў Нідэрляндах і падзяліўся сваім досьведам здачы тэарэтычнага іспыту. У гэтай частцы я распавяду, як я абіраў аўташколу, займаўся кіраваньнем і здаваў практычны іспыт. Паколькі вопыт у мяне багаты, то напісалася па гэтай тэме шмат, і агульную інфармацыю пра практычныя заняткі і іспыт я апішу ў наступнай частцы. А потым будзе яшчэ і бонус-трэк.

Тэарэтычныя кнігі і іспыт абышліся мне прыблізна ў €100, што было цалкам прымальным. На двары быў леташні травень, я нетаропка пісаў дыплём і нікуды асабліва не спяшаўся. Плянаваў, што недзе праз тысячу еўра і месяцы тры заняткаў навучуся вадзіць машыну, атрымаю правы і ўвосень змагу засяродзіцца на дапісваньні і здачы дыплёму. Каб не эканоміў, мо так бы яно і атрымалася.

Далей

Як я у Галяндыі на правы здаваў. Частка першая

© riderslifestyle.nl

© riderslifestyle.nl

Атрымаць пасьведчаньне кіроўцы мне хацелася даўно, яшчэ зь Беларусі. Але ўсе не ставала то часу, то грашэй. Не скажу, каб правы тады (дый зараз) мне былі моцна патрэбныя, але ад магчымасьці сесьці за стырно і пракаціцца зь ветрыкам па сваіх справах горш бы дакладна не было. Па прыезьдзе ж у Галяндыю я першыя часы быў заняты вучобай па сваей асноўнай спецыяльнасьці ды падпрацоўкамі, таму жаданьне навучыцца кіраваць аўтамабілем давялося адкласьці ў даўгую шуфляду, дзе яно і праляжала блізу трох з паловай год. Вярнуўся я да гэтай думкі мінулай вясной, калі сканчваў магістратуру і праходзіў пераддыпломную практыку ў ТомТоме. Калі стаў разбірацца ў працэдуры падрыхтоўкі, то высьветліў наступнае.

Адмысловай дарожнай паліцыі кшталту нашага ДАІ ў Нідэрляндах няма. Функцыі нагляду за трафікам і разбору дарожных здарэньняў выконваюць звычайныя паліцэйскія. Яны ж могуць і забраць правы па неабходнасьці. За выданьне самога пасьведчаньня адказвае грамадзкая арганізацыя Dienst Wegverkeer ці RDW. Абрэвіятура не супадае з расшыфроўкаю, бо раней гэтая структура называлася Rijksdienst voor het Wegverkeer. Потым назву зьмянілі, а звыклая абрэвіятура засталася. Апроч выдачы правоў і нумарных знакаў, RDW вядзе ўлік транспартных сродкаў і іх уладальнікаў, кантралюе фірмы, якія праводзяць тэхагляд і адказвае за сертыфікацыю аўтамабіляў і запчастак. А праверка ведаў кіроўцы і адпаведна прыняцьцё рашэньня пра выдачу ці нявыдачу дазволу езьдзіць на аўтамабілі — прэрагатыва ўжо іншай установы, якая называецца Centraal Bureau Rijvaardigheidsbewijzen ці CBR.

Далей

Уводзіны ў мяне

Я Уінстан Вульф. Я вырашаю праблемы.
— Уінстан Вульф пра сябе

У кожнага сучаснага чалавека ёсьць свая старонка на Фэйсбуку, а ў паспяховых людзей ёсьць нават уласныя старонкі ў Вікіпедыі, прычым нярэдка на розных мовах. Паколькі з вікіпедыі мае нататкі нехта ўвесь час выдаляе, а ў фэйсбуку іх празь месяц ужо не знайсьці, я вырашыў завесьці свой асобны блог і пэўны час пісаць сюды. Паглядзім, наколькі мяне хопіць. Пакуль што пажыву на вордпрэсс.орг, а там можа і на паўнавартасны стэндэлон перапаўзу, з плагінамі там, нармальным перакладам інтэрфейсу, вось гэтым усім.

Мяне клічуць Зьміцер Жалезьнічэнка. Я працую праграмістам у кампаніі ТомТом у Амстэрдаме. То бок, пакуль яшчэ не працую, пачну з 1 студзеня. Ня так даўно я скончыў магістратуру Тэхнічнага ўніверсытэта Дэлфта па спецыяльнасьці Computer Science і вельмі ўжо прагну пачаць прымяняць свае веды на працы. А пакуль яна не пачалася, я чытаю кнігі, гляжу фільмы і грызу пазногці.

Раней я пэўны час вёў свой блог ў Жывым журнале, але неяк яго закінуў, перабраўшыся пераважна ў фэйсбук. А зараз зноўку захацелася займець уласную пляцоўку для нефэйсбучнага па зьмесце кантэнта. У фэйсбуку ў мяне не атрымліваецца пісаць нешта больш даўгое за паўтара-два радкі, а калі і атрымліваецца, то хутка ўсё губляецца ў нетрах іх сервераў, і знайсьці нешта бывае даволі складана. На блог-платформе арганізоўваць і потым адшукваць нататкі ня ў прыклад прасьцей.

Думаю, пераважна весьці гэты блог па-беларуску, але час ад часу мо буду пераходзіць на ангельскую, расейскую ці галяндзкую – пад настрой і ў залежнасьці ад тэмы. Пісаць у першы час пляную пра адгледжаныя за апошні час кінастужкі і прачытаныя кнігі, бо заўважыў, што вельмі хутка забываюся на тое, пра што чытаў і што глядзеў. Хачу стварыць такім чынам уласную метабібліятэку, да якой можна было б час ад часу зьвяртацца. За медыйнага крытыка сябе не лічу і пісаць буду пераважна для сябе. Гэтаксама пляную час ад часу размяшчаць тут рэфлексіі на пэўныя падзеі з жыцьця, проста каб яны недзе былі сфармуляваныя ў пісьмовай форме.

Падзяліўся са сьветам сакрэтнымі ведамі пра elfstats

Падчас стажыроўкі ў ТомТоме напісаў невялікую праграму для маніторынга вэб-сервераў. Паколькі ад моманту яе запуска мінула ўжо некалькі месяцаў, а яна так пакуль і не зламалася, то вырашыў распавесьці пра яе цікаўным, мо хто яшчэ захоча ўжыць. Так нарадзіўся мой першы тэхнічны пост на Хабрахабры. Ну і калі ўжо пайшла такая п’янка, заадное і на рэддыце адзначыўся караценечка.

Думкі наконт гэтага такія. Па-першае, заўважыў, што стаў вельмі кепска пісаць. Доўга і цяжка падбіраю няўдалыя словы, з якіх павольна складаю непрыгожыя сказы. А ўсе ад таго, што даўным-даўно анічога не пісаў на расейскай/беларускай мовах. Гэта мне вельмі не падабаецца, буду выпраўляцца ў тым ліку і праз гэты блог. Як піша Спольскі, writing is a muscle, таму буду гэтыя мускулы зараз нарошчваць (някепска б і звычайныя мускулы нарошчваць, але пакуль што не магу – з качалкай пасварыўся). На ангельскай дарэчы зараз пішу нашмат лепш, чым якіх пару год таму, бо шмат мусіў пісаць ва ўніверы. Ў адным дыплёме толькі 120 старонак.

Па-другое, пераканаўся ў слушнасьці старой показкі:

“Если задать вопрос на американском форуме, вам ответят. Если задать вопрос на израильском форуме, вам зададут встречный вопрос. Если задать вопрос на русском форуме, вам будут долго объяснять, какой вы мудак.”

Перад публікацыяй праграмы я напісаў для яе немала дакументацыі, ўсё натуральна па-ангельску. Таму на рэддыце выклаў толькі адзін кароткі параграф – маўляў, RTFM, там ўсё разжавана. Для хабра адмыслова напісаў вялікі артыкул. Артыкул ня вельмі ўдалы, канешне, але тым ня менш. Але і там і там спрабаваў данесьці адное і тое ж паведамленьне: я зрабіў як мне падаецца добрую працу, якую зараз і аддаю вам бясплатна. Карыстайцеся на здароўе! А вынікі такія: на хабры адразу два мінусы, потым павольна тры плюсы. На рэддыце агулам 23 плюсы, 8 мінусаў. Але на рэддыце тры станоўчыя каментары ў стылі “дзякуй, даўно хацеў нешта такое, абавязкова паспрабую”, на хабры ж нічога. Ня тое, каб вельмі трэба, проста назіраньне.